«БЕ́ЛАЯ РУСЬ»,

штодзённая грамадска-паліт. і літ. газета. Выдавалася з 19.2(4.3) да 20.6(3.7).1906 у Вільні на рус. мове. Выступала за пануючае становішча ў Паўн.-Зах. краі «рускага насельніцтва», да якога адносіла таксама беларусаў і ўкраінцаў, адмаўляла іх нац. і культ. самастойнасць. Агітавала за выданне «тайных газет на мясцовай гаворцы» і ўвядзенне бел. мовы ў праграму пач. школы для «барацьбы з паланізацыяй краю». З мэтай выхавання вялікадзярж. «патрыятычных пачуццяў» спрабавала выкарыстоўваць спадчыну Ф.Скарыны, В.Цяпінскага і інш. дзеячаў бел. культуры, адмаўляючы пры гэтым іх бел. самабытнасць. З правых пазіцый ацэньвала дзейнасць урада і Дзярж. думы, выступала супраць рэв. і нац.-вызв. руху. Змяшчала агляды маст. жыцця Вільні і губерні.

У.М.Конан.

т. 3, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)